Рытм сняжынак - як звон псалціра...

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (1 голас)

…Рытм сняжынак –
як звон псалціра,
струны гусляў…
Даруй нам, Божа.
Захавай душы нашы ў міры –
Светлым Словам Тваім
прыгожым.

Каб праз цемру,
што светам* клічам,
праз зямлю, нябёсы, аблокі –
Ты з’явіў нам Сваё Аблічча –
І ў шлях блаславіў далёкі.

Доўгі шлях –
за святлом з Усходу –
Віфлеемскае зоркі ззяннем –
за якою валхвы-народы
ўсё ідуць праз вякі-расстанні;

Верны шлях –
дзе Святло з Фавору –
Незямное –
з зямным зліецца,
І –
гаротным –
жывой вадою
ў душы грэшныя праліецца;

Вечны шлях –
ад зямлі пакутнай –
у пакінуты сад Эдэмскі…
Дзе ад попелу і атруты
пакаяннем
ачысцяцца сэрцы.

* светам – па царк.-слав. і па-руску “миром”