Янка Купала
RSS FeedЁлачка (пераклад з рускай)
Ўзышла у лесе ёлачка,
У лесе і расла,
Узімку, ўлетку стройная,
Зялёная была.
Мяцеліца ёй песеньку
Пяяла: баю-бай,
Мароз сняжком атуліваў:
Глядзі, не замярзай!
Пужлівы зайчык шэранькі
Пад ёлачкай скакаў,
Падчас і воўк, сярдзіты воўк,
Ускоч перабягаў.
Вось снег у лесе дрэмлючым
Пад полаззем скрыпіць,
I конік жвавы, сівенькі
Спяшаецца, бяжыць.
Вязе той конік саначкі,
А ў санках селянін,
Пад'ехаў ён пад ёлачку
I ссек у міг адзін.
Цяпер яна прыбраная
На свята к нам прыйшла
I шмат пацехі, радасці
Для дзетак прынясла.
З Новым годам!
З Новым годам, з Новым годам!
З новай песняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!
Кінем покліч гулказвонны
Ад аконца да аконца,
Свет паклічам мёртва-сонны
Аж да сонца, аж да сонца!
Для унукаў, для праўнукаў
Расцярэбім сцежкі-шляхі;
Хай пануюць над прынукай —
Каб аж к небу лёту ўзмахі!..
Над зямлёй зардзіць вясёлка
После бураў, ліхалеццяў;
Бацьку, маці жыць нялёгка, —
Хай жа лёгка жывуць дзеці!
З Новым годам, што крыніцай
Новай пойдзе ў пераходзе,
Беларуская зямліца!
Беларускі наш народзе!
З песень нядолі
Шумныя бярозы
Пабяліў мароз.
Хацеў бы я плакаць,
Дый не маю слёз.
Хацеў бы я пеці
Аб сваёй бядзе,
Дый мне сэрца ные,
Песенька не йдзе.
Хацеў бы, каб зімаў
Строгіх не было,
Каб зарэла цягам
Летняе цяпло.
Хацеў бы, каб доля
У хатцы жыла,
Каб з бурлівай рэчкай
Нядоля сплыла.
Хацеў бы, каб воля
Гуляла са мной,
Каб сонейка грэла,
Як грэе вясной.
Але, божа мілы!
Долі не відаць, —
Кайданы няволі
На руках звіняць.
Няма вясны, сонца,
Светлых дзён няма, —
Марозам марозіць
Строгая зіма;
Марозам марозіць,
Снегам адзяе,
На работу гоніць,
Есці не дае.
Эх, пайду я ў поле
Долечкі шукаць
З востраю касою,
Як на сенажаць!
Ой, пайду я ў поле,
Як бы на вайну,
Шукаючы волю,
Шаблячкай махну!
Можа ўзойдзе доля
Ясненькай зарой,
Можа блісне сонцам
Воля нада мной!
Апошнiя водгукi
2 года 48 недель назад
4 года 42 недели назад
6 лет 43 недели назад
6 лет 46 недель назад
6 лет 46 недель назад
6 лет 46 недель назад
6 лет 46 недель назад
6 лет 46 недель назад
6 лет 46 недель назад
6 лет 51 неделя назад