прырода
RSS FeedБелалозы
О, якія белалозы
Каля Прыпяці сівой!
Акрапілі іх марозы
Срэбразорнаю расой.
Што іскрыцца, зіхаціцца —
Прасвятляе ўсё вакол,
Каб душа магла напіцца
Чысціні з усіх вякоў.
Снег крыштальны аж ірдзее.
Прыпяць жмурыцца ў агні.
І Палессе маладзее
Ў першароднай светлыні.
Вось і снег...
Вось і снег...
Пабялела зямля,
I стаілася ўсё навакола.
I ляціць, і ляціць ён здаля,
Быццам пыл з-пад шырокага кола.
Абарвалася тонкая ніць
Паміж рознымі порамі года.
На бярозах ці іней звініць,
Ці надзея твая, ці самота?
Вераб'ёў пазганяла з галля,
I шпакоўні нікім не заняты.
Цішыня.
Пасмялела зямля,
Што не зойдуцца ў сцюжы зярняты.
Вось і снег. Перайначыўся свет.
Завіруха мяце навакола.
Толькі б мне не пакінуць свой след,
Быццам пыл з-пад імклівага кола.
Зіма
Дзень цэлы плавалі вятры
Над восенню палёў бязмежных.
Пад вечар снегам завірыў,
Спазніўшыся, кудлаты снежань.
Ён ахінуў стагі лугоў,
Як верацёны снежнай воўнай;
З-пад Налібок, з балот, лясоў
Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну.
Ён хвалі дрэмлючай раллі
Рвануў за вараныя грывы, —
I ажылі, і паплылі
На лес уздыбленыя нівы.
Але навалу хмар цяжкіх
Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі.
Адно па соснах залатых
Ўзнялося полымя сівое.
У змрочных лапках зацвіло,
З бяроз успыхнуўшага вецця
На сухастой, на буралом
Яго панёс шалёны вецер.
Збудзіўся стромых сосен звон,
З лагоўяў воўчых і выкопаў
Папоўз па свежым снезе ён,
Па выбітых рукою тропах.
Зіма... Ад інею вішняк
Перахіліўся за парканы,
I не мінеш яго ніяк,
Кранеш — і цветам серабраным
Асыпле з галавы да ног.
На дзеннікі лятуць вароны
З глухіх прасёлачных дарог,
I цень плыве іх праз загоны,
Дзе ўсё, як вогнішча лістоў,
Замёў снег свежасшаранелы,
Дзе петлі заячых слядоў,
Разгубленыя, забялелі.
Калі ж вячэрняю парой
За вёску выйдзеш на прыволле, —
Цябе сустрэнуць грамадой
Шляхоў знаёмыя таполі;
Пачуеш, як трашчыць рака,
Скрыпяць асверы на марозе,
Як пад дугой маладзіка
Пяюць сялянскія палоззі.
Апошнiя водгукi
2 года 40 недель назад
4 года 34 недели назад
6 лет 34 недели назад
6 лет 37 недель назад
6 лет 37 недель назад
6 лет 37 недель назад
6 лет 37 недель назад
6 лет 37 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 42 недели назад