Пад вятрамі згорбіліся ўзгоркі...

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (1 голас)

Пад вятрамі згорбіліся ўзгоркі.
Сосны ўздзелі снежныя брылі.
Промні, як блішчастыя іголкі,
Рассыпае сонца па зямлі.

Цягнецца дарога Шляхам Млечным.
Зоркамі ўскіпае белы снег.
I не знаеш —
вечны ці не вечны
Ты ў бяскрайняй гэтай белізне.

Можа, раптам колкі вецер зімні
Завірухай ранняю ўзмахне
I на крылы ледзяныя ўзніме
I ўжо не апусціць больш мяне?

Што ж, няхай усё, што маю,
лясне.
Толькі аднаго да слёз шкада —
Гэты вось, заснежаны і ясны,
Мілы свет навекі пакідаць.

Хай ён і халодны, і калючы,
Без густой травы і сінявы —
Толькі ўвесь рыпучы і пявучы,
Заінелы,
звонкі
і жывы...

Іншыя вершы аўтара