Сцяпан Гаўрусёў

RSS Feed

Вось і снег...

Яшчэ не ацэнена

Вось і снег...
Пабялела зямля,
I стаілася ўсё навакола.
I ляціць, і ляціць ён здаля,
Быццам пыл з-пад шырокага кола.

Абарвалася тонкая ніць
Паміж рознымі порамі года.
На бярозах ці іней звініць,
Ці надзея твая, ці самота?

Вераб'ёў пазганяла з галля,
I шпакоўні нікім не заняты.
Цішыня.
Пасмялела зямля,
Што не зойдуцца ў сцюжы зярняты.

Вось і снег. Перайначыўся свет.
Завіруха мяце навакола.
Толькі б мне не пакінуць свой след,
Быццам пыл з-пад імклівага кола.

Зіма запрагла сваіх коней...

Сярэдняя: 2.5 (4 галасоў)

Зіма запрагла сваіх коней —
Сівых рысакоў табуны,
I пах сырамятных супоней
Шырока ўдыхаюць яны.

Даўно, уздыхаючы сыта,
Пра дальнія снілі шляхі,
А неба скрозь частае сіта
Снег сеяла на пірагі.

Над вёскамі дымкі віселі,
Нібыта сватоў ручнікі,
I ўжо на гулянкі-вяселлі
Склікалі радню дзецюкі.

Паўсюль рыхтаваліся сані,
Каб так праімчаць маладых,
Што вецер нястрымны адстане,
Ледзь-ледзь пераводзячы дых.

I вось, распускаючы грывы,
Ляцяць і ляцяць рысакі,
I наўзбач на снег зіхатлівы
З падкоў вылятаюць цвікі.

Зіма — ды ні снегу, ні лёду...

Сярэдняя: 3.7 (13 галасоў)

Зіма — ды ні снегу, ні лёду
На рэках і ў полі няма,
Як быццам вясны прахалоду
Нясе ў цёплым ветры зіма.

Ахутаны душным туманам
Нямыя сады і гаі.
Здаецца, што студзеньскім раннем
У іх запяюць салаўі.

Ды толькі далёка да лета
(Азноб ты заўважыў галля?) —
Да самага сэрца раздзета
Халоднай рукою зямля.

I раннія кволыя ўсходы
Бязлітасна губіць мароз.
А вільгаць начной прахалоды —
Сляды расчарованых слёз.

I хоць завірухам не верыш,
Хоць зрок яны слепяць, а ўсё ж
Ім з большай надзеяй даверыш
Пачуццяў нястрыманых дрож.

Усе аўтары