Людміла Рублеўская

RSS Feed

Гарадская зіма

Яшчэ не ацэнена

Зорка вісне, нібы залаты арэх,
На з'інелым дроце трамвая.
Так нячутна сёння падае снег —
Быццам белая рысь ступае.
Мне не страшна, мне толькі сябе
шкада,
Адзіноту сваю на свеце —
Гэту пошасць прыносіць заўжды зіма,
Барадой намятае вецер.

Дзень да дня ўсё чужэе народ наўкол,
Падазроней, сквапней, адчайней —
Гэта нашага часу такі закон,
Гэта час халадоў звычайны.

Вось і вуліцы быццам бы людныя,
I да дому ўжо недалёка,
А ніхто не заўважыць — ці плачу я,
Паміраю ці бачу Бога.

А сняжынкі кружляюцца, як у сне,
Непрыкметна, як плач сірочы.
Нібы ўвагаю нашаю
Божы снег
Апаганіць сябе не хоча.

Шляхціц Завальня

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Як лёс, шалее завіруха —
Аж слёзы выспелі ў вачах.
Вандроўнік, бачыш?
Да прытулку
Табе агеньчык меціць шлях.
He, нездарма міргала свечка!
Пашана хаце — добры госць!
Заходзь, вандроўны чалавеча,
I ў бессмяротнасць уваходзь!
На Белай Русі —
век завеі.
Зацішка нам не прычакаць.
Галота казкай сэрца грэе.
Дазвольце казку распачаць.
Эх, браце!
Часу снег няўмольны
Засыпле ўсё —
і тут, і там.
На Белай Русі — белым полем
Застацца вам,
застацца нам.
I тое, што цяпер гаворыш,
Чужою мовай замяце...
А ты запісвай —
пра паморак,
Пра лесуна і пра чарцей...
Нас тут сагнала завіруха,
I ў нас ёсць келіх —
і агонь,
I свечка на акне варушыць
Сваю маленькую далонь,
I новы госць ужо ля брамы,
Прыйшоў па ласку і цяпло...
...I Беларусь плыве над намі –
Завеі
белае
крыло.

Усе аўтары