Lazzaro
RSS FeedМароз і сонейка
Мароз і сонейка. Раство.
Бы казка, гожае.
На ўсім навокал — хараство
і ласка Божая.
Краса прыцягвае пагляд
і ў даль збялелую,
і ў блізь — квітнёвы зімні сад,
пялёсткі белыя.
І ў высь, што ззяе і пяе —
бы ўвекавечвае
мільён брыльянтавых калье,
што свет расквечваюць.
І ўніз — у цень ссінелы дрэў
афіанічаных.
І дорыць слёзы-неспадзеў
душы-аблічыне
і шчасце існае — удых
і выдых — воблачкам...
Ісці б ды йсці... у нікуды...
па снежных тропачках...
Радасць
Радасць — "маліна ў жэле"йны світанак зімовы!
Радасць — ліловы айс-крым на бахматым безэ!
Ра дасць — і златам іскрыцца крухмальны найнова
белы абрус у сцяжочках — сцяжын бірузе.
Радасць — рука у руцэ і абапал — нікога.
Толькі сінічкі, што булку (пакрышым?) клююць.
Радасць — такая, што цягне звярнуцца да Бога —
шэптам падзякваць і выдыхнуць: "Шчасцейка, будзь!"
Радасць — у ручках дзіцячых сняжкі (ці "марожкі"?)
Радасць — вясёлы (удрызг?) снегавік ва двары.
Радасць — катанне з гары. Дастаткова і дошкі,
каб над зямлёй зазвінеў шчырай радасці крык.
Радасць — каралавых дрэў песнапенні-харалы.
крокаў рыпенне — тваім гучна ўтораць мае.
Бач, як узімку зямелька красой узыграла?!
Цешыцца сэрца.
Лікуе
і гімны пяе...
Што за дзіўная зіма?
Што за дзіўная зіма?
Красавік, дый годзе!
Ні сняжыначкі няма.
Лужыны— не ў лёдзе.
Дожджык пырсне — і з нябёс
"пазяхае" сонца:
"Як у свеце? Мо мароз?
Ці вясна— бясконца?"
Новы год, а на двары
зелянее траўка.
Дзе вы, снЕжкі, снегіры,
зімнія забаўкі?
Дзе завеі, дзе яны—
злыя завірухі?
Досыць нам тае маны—
беззімовай скрухі!
Дзень здаецца вам нудой?
Смутак дапякая?
А давайце грамадой
зіму пагукаем!
Заспяваем, загудзім,
задудзім на дудцы—
усе разам, як адзін.
Падтрымайце, людцы:
"Ой ты, зімейка—зіміца!
Мо пара табе з'явіцца
і, нарэшце, хоць у снежань,
замарозіць і заснежыць?
Ну-ка Зімка, выхадзі,
карагоды завадзі!"
Апошнiя водгукi
2 года 47 недель назад
4 года 41 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 45 недель назад
6 лет 49 недель назад