Сяргей Законнікаў

RSS Feed

Вея

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Вея шукае
Забытыя сцежкі,
Кожную з іх не міне...
Словы прыходзяць
Жадана і ўсцешна:
«Дзякуй табе за мяне...»

Дзякуй табе
За лясныя азёры,
Дзе заблукала лыжня,
Дзе нашай радасці
Дзіўную змору
Выпіла ўсмак цішыня.

Лёс праз гады
Шмат спазнаў і агораў...
Самай найлепшай з навін
Снег малады
Ты паклікала ў горад...
Дзякуй за ціхі ўспамін.

Снег будзе доўга
Кружыцца,
Сваволіць,
Як і тады — трапяткі.
З ім у суладдзі
Вышэйшая воля
Шчодра дыктуе радкі.

І не бяды,
Што настрою лірычнасць
Хутка парушаць няўзнак
Першым сігналам сваім
Электрычка,
Стукам глухім таварняк.

Чуйнаму сэрцу
Снежна, світальна...
Ты страпянулася ў сне.
Вушка падстаў,
Мой анёл ратавальны:
«Дзякуй табе за мяне...»

Дажджы ўжо надакучылі...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Дажджы ўжо надакучылі...
Рыпіце, палазы!
Цалуюць твар пякучыя
Гарэзы-маразы.
Бярозкі ціха журацца,
Смялеюць капыты.
Ад прадчування жмурацца
Вясёлыя сваты.
Завеяны, замецены
I поле, і рака...
Твая каса расплецена
Для любага дружка.

Снегапад

Сярэдняя: 5 (1 голас)

А снегапад нарадзіўся раптоўна,
Так, як прыходзіць каханне да
нас...
Светла вяртацца, глядзець
малітоўна
У малады, незаплямлены час.

Ён быў да свету ўсяго
невідушчым,
Быў неабачліва-хмельны так і,
Каб прадзірацца адважна праз
пушчу,
Быццам праз долю — наскрозь,
напрасткі.

Сцежкай глухой, дзе чакалі
спакусы,
Час, як сабака, за намі пабег.
Млосна палалі і шчокі, і вусны,
Цёплым здаваўся расхрыстаны
снег.

Не варажылі: «А што будзе
потым?»
Згодны былі разам з веяй
сплываць,
Ці ў зледзянелых, высокіх
сумётах
Гэтак, як сосны, маўкліва стаяць...

З вечнай дарогі ў нязнанасць —
Не збочыш,
Час не адкруціш ніколі назад...
Свецяцца шчасцем зялёныя
вочы,
I не спыняецца той снегапад.

Усе аўтары