У хвіліну вяртання снягоў

RSS Feed
Сярэдняя: 4 (2 галасоў)
У хвіліну вяртання снягоў
Пазіраюць у неба лясы і азёры,
А над імі сняжыны, як ціхія зоры,
Робяць безліч малых і вялікіх кругоў.

У хвіліну вяртання снягоў
На маўклівай зямлі
                               як ніколі трывожна.
Прадчуваючы хуткі палон, асцярожна
Рэчка мацае хваляй цяпло берагоў.

У хвіліну вяртання снягоў
Вецер сціх,
                  на грудах акалелых распяты,
I кляны заінела пасталі ля хаты
Дрэўкамі без палотнішчаў
                                        зыркіх сцягоў.

У хвіліну вяртання снягоў
Неўміручым так хочацца быць чалавеку.
Толькі ведаю я,
                         што бясконцага веку
He спытаць, не купіць
                                  ні ў людзей, ні ў багоў.

У мяне неаплочаных многа даўгоў,
Ды дарма бедаваць,
                                сумаваць аб пражытым.
Ў сэрцы шчодрыя мары
                                    ўзыходзяць, як жыта,
У хвіліну вяртання снягоў.