Рыгор Барадулін
RSS FeedА мне й дагэтуль кожнаю зімой...
А мне й дагэтуль кожнаю зімой
Чуваць ахрыплы голас крыгалому.
Бо ён не хоча даручыць нікому
Вясціну, што настрой сагрэе мой.
Трашчыць сарока п'янаю кумой.
Праталінам таіць няўзмогу стому.
Сцяжынка сохне з гора, збегшы з дому,
Бяжыць і дзівіцца сабе самой.
Як хмары, крыгі крышацца сцюдзёна.
Як буталь, б'ецца крумкачовы крум.
У пеўня чуб, нібыта ў маладзёна.
Хутчэй разводдзю хочацца разліцца.
Плячмі здранцвелымі варушыць рум.
Рака зіму трывае, як капліца.
Заінелая Ушаччына
Петрусю Броўку
Што хукаеш, раніца,
рукі пакрэплі?
Ачахлым вугаллем
на бальшаку
Снег лёгка вызвоньвае.
Крэкчацца грэблі.
Смачна,
як свацці пасля першаку.
Аглухлі бары
ад зімовай сумоты.
Кігіканне кнігаўкі
сніць сенажаць.
Алешнік?
А можа, аленяў сумёты
Прыспалі?
З'інелыя рогі дрыжаць;
Збляднелы, стаміўся
ў набегах на бераг
Завеі ўчарашняй
адчайны прыліў.
Дымяцца вярбіны
на вогнішчах белых,
Нібыта іх заяц-бяляк падпаліў.
Як зарыва ўспыхне,
на вуліцах белых
Міліцыянера
барвовы твар.
Спавіты вяроўкамі,
белы кубелак
На белых развалках
вязуць на базар;
Валёнкі не грэюць.
Кажэрка злубела —
На торг сабіралася
цётка да дня.
Хоць вочы заплюшчы —
так холадна-бела,
I белыя-белыя
вейкі ў каня.
Пытаецца аб надзеле ў нядзелі,
Ці многа ёй выдзеляць сонца,
зямля.
На яблынях галкі
азябла датлелі.
У чорных праталках
бяроз аралля.
Базар не чакае —
пасёлку не спіцца,
Дзень ціха ступае
сцяжынай глухой.
I ластавак гнёзды,
нібы рукавіцы
Забытыя,
стынуць пад белай страхой.
Пад полазам белым,
з'інелай падковай,
Галінкай азяблаю
крохне —
хрусь,
Як яблык, крамянае
і хрупаткое
Слова марознае: «Беларусь».
Зазімак
А вецер вуліцы расчысціў.
Бухматы,
пухкі снег пасыпаў,
I кулачкі засохлых лісцяў
Сціскаюць маладыя ліпы.
Застылі ясені ў палоне,
Ды толькі дворнікі ў адчаі.
Снег саграбці ў дзве далоні
Спяшае снегаачышчальнік...
Мароз здароваецца палка —
Зіма ўжо тупае старая.
На Свіслачы праныры-галкі
Трываласць лёду правяраюць...
Апошнiя водгукi
2 года 44 недели назад
4 года 38 недель назад
6 лет 39 недель назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 42 недели назад
6 лет 42 недели назад
6 лет 47 недель назад