Данута Бічэль-Загнетава

RSS Feed

Зімовыя чары

Яшчэ не ацэнена

Бохан зямлі
пасыпаны соллю снягоў.
Зачараваны
возера поўнач карэц
будзе да квеценя
месячным бляскам гарэць,
дыхаць па бронхах аеру ад берагоў.

Явар зацвіў
ад сука-стрыгунка да камля,
гэтак аздобіў ягоную крону мароз.
— Бог не цяля,
бачыць, мароз, круцяля!
Скуль ты
такія бялюткія фарбы прывёз?

Даў табе фарбы на поўначы
белы мядзведзь,
выціснуў з проламкі цюбік
палярнага дня.
Вырваў ты з лап яго скарб,
віхор пераняў
і прыляцеў на світанні
замылены ўвесь.

Вернуцца хутка
з далёкіх краёў жураўлі,
здзюбаюць белую соль
са скарынкі зямлі,
крыламі квецень з галінак
узнімудь да хмар,
з возера поўнага знікне сіверу чар.

Нязгода

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Зноў з гарнастая каўнер апранулі дамы.
Цені, падцятыя цемрай, упалі на снег.
Любы, давай уцякаць ад халоднай зімы!
Толькі каханне тваё адагрэе мяне.

Дзевяць стагоддзяў гнятуць на муры і на брук.
Як абручамі сціскаюць, нельга трываць.
Любы, напяты ў наш бок безвыходнасці лук —
цэліцца ў безабароннае сэрца страла.

Змрочныя сцены і змроку каменны парог.
Пасмы святла прасачыліся з нетраў зямлі.
Напластаванні стагоддзяў на плечы ляглі
і не скрануць іх цяжару — лёс перамог.

Але не хочацца ноччу марознай канаць.
Крок са сцяны мураванай — прорва ў нябыт.
Любы, злаві з маладосці гнядога каня!
Хай уратуецца песня з-пад часу капыт.

Смерч наляцеў, але не спаліў наш дом.
Душы спаліліся — і кожны першы памёр.
Дзе тыя коні?
Дзе любы з мячом і шчытом?
Дзе наша доля?
Песню спявае віхор...

Усе аўтары