Міхась Стральцоў
RSS FeedМесяц люты
Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, —
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны.
Праводзіны?
Адходзіны?
Зіме?
Гэй, пачынай!
Давай!
Давай!
Ах, ах, ды ў гэтым месяцы
Яшчэ забіты весніцы,
Марозам прымарожана,
Прымружана
Шчэ лужына
Завейлівым сняжком.
Гудзе вятрамі вуліца,
Як бубен дом.
Мяцеліца пасцелецца
Ад рання да цямна.
Апоўначы насмеліцца
Адліга —
Месяц крыгай
Да самага відна.
А зорка — во свавольніца! —
Пад раніцу расколецца
Аб шыбіну акна.
— Скажыце! Навіна!
Кажыце не кажыце,
Ідзе вясна!
Першы снег
Калі там хмара набрыняла,
I хто там вецер зацугляў,
Ды толькі з ночы ўранку ўстала
У новай вопратцы зямля.
Паспакайнелы, вунь імгліцца
Празрыстай беллю чорны клён.
Вунь пасмялелая сініца
Ужо наведала балкон.
У белы свет адкрыты дзверы
Для азмрачнелае душы.
I дзень, як чысты ліст паперы:
Устрапяніся і
пішы.
Цень-цень сініца! Добры дзень!..
Цень-цень сініца! Добры дзень!
Жывеш? Сваім званочкам чыстым
Зімовым ранкам прамяністым
I абудзі і абнадзей!
Цень-цень... А ўсё-такі прамень!
Цень-цень... А на паляне снежна!
Дзень добры, дзень! Святло прамень
Са схаладнелага бязмежжа, —
Хоць і не блізка да вясны,
Хоць і мароз — сляза на вочы,
Хоць у калматых елак сны
Адны што ўдзень, адны што ўночы,
Ходь гэтых елак чарната
Яшчэ змрачней ад непакоры
Таго дубовага ліста,
Што ад вятроў не знае зморы.
О, адарвіся, ападзі!
Скарыся — прошласці не вернеш!
Нашто чакаць, каб абудзіў
Вясковы сок пупышку-зерне?
Цень-цень, сініца! Добры дзень!
Паслухаю і збоку стану —
Пабачыць, як свой кіне цень
Лясная елка на паляну.
Апошнiя водгукi
2 года 47 недель назад
4 года 41 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 44 недели назад
6 лет 45 недель назад
6 лет 49 недель назад