Месяц люты

RSS Feed
Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, —
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны.
Праводзіны?
Адходзіны?
Зіме?
Гэй, пачынай!
Давай!
Давай!

Ах, ах, ды ў гэтым месяцы
Яшчэ забіты весніцы,
Марозам прымарожана,
Прымружана
Шчэ лужына
Завейлівым сняжком.

Гудзе вятрамі вуліца,
Як бубен дом.
Мяцеліца пасцелецца
Ад рання да цямна.
Апоўначы насмеліцца
Адліга —
Месяц крыгай
Да самага відна.
А зорка — во свавольніца! —
Пад раніцу расколецца
Аб шыбіну акна.

— Скажыце! Навіна!

Кажыце не кажыце,
Ідзе вясна!