снежань

RSS Feed

Зіма на бацькаўшчыне

Сярэдняя: 4.6 (7 галасоў)

Дзень цэлы плавалі вятры
Над восенню палёў бязмежных,
Пад вечар снегам завірыў
Спазніўшыся кудлаты снежань.
Ён ахінуў стагі лугоў,
Як верацёны, снежнай воўнай,
З-пад Налібок, з балот, лясоў
Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну.
Ён хвалі дрэмлючай раллі
Рвануў за вараныя грывы, —
I ажылі, і паплылі
На бор уздыбленыя нівы.

Але навалу хмар цяжкіх
Стрымалі выгнуўшыся хвоі.
Адно па соснах залатых
Узнялося полымя сівое,
У змрочных лапках зацвіло,
З бяроз успыхнуўшага вецця
На сухастой, на буралом
Яго панёс аслепшы вецер.
Збудзіўся нетраў цёмны гул,
З лагоўяў воўчых і выкопаў
Папоўз па свежаму снягу,
Па выбітых руёю тропах.

Зіма... Ад інею вішняк
Перахіліўся за парканы.
I не мінеш яго ніяк,
Кранеш — і цветам серабраным
Асыпе з галавы да ног.
На дзеннікі вароны стадам
Лятуць з прасёлачных дарог.
Іх цень плыве праз палісады,
Дзе ўсё, як вогнішча лістоў,
Замёў снег свежы, сшаранелы,
Дзе першых заяччых слядоў
Глухія петлі забялелі.

Калі-ж, вячэрняю парой,
За вёску выйдзеш на прыволле,
Цябе сустрэнуць чарадой
Шляхоў знаёмыя таполі,
Пачуеш як трашчыць рака,
Скрыпяць асверы на марозе,
Як пад дугой маладзіка
Пяюць сялянскія палоззя.
І шляху зорнага aгнi
У кожнай у сняжынцы ззяюць
І ў сэрцы, што з далечыні
Па родным сумавала краю.

Ну і раніца — уся з'інелая!..

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Ну і раніца — уся з'інелая!
Па калені загрузла ў снег
I настыла снягуркаю белаю
У чароўным і дзіўным сне.

Зор сыпнуў табе ў косы поўнік,
Снежань белы шалік саткаў,
Зухаваты вецер-вандроўнік
Калыханку ўсю ноч спяваў...

Я прыйду к табе, раніца, ціха
Ў святую тваю чысціню,
Я з табою пабуду крыху,
Табе сэрца сваё адчыню.

Спі ж, снягурка — белая раніца,
У цяпле маладых снягоў...
Мне так хораша, добра марыцца
На руках тваіх дзіўных сноў.

Сум па снезе

Яшчэ не ацэнена

Зноў смала замярзае на зрэзе,
Пасівела зямля і, як бубен, гудзе,
I па снезе сумуе,
Сумуе па снезе:
Пачынаецца снежань, а снег не ідзе.

Змрок у вокны сляпіцаю лезе,
I калючыя зоркі туманіць зіма,
Рунь па снезе сумуе,
Сумуе па снезе —
Хутка студзень, а снегу няма і няма.

Іней шорсткай ігліцай блішчыць на жалезе,
Адзінокі снягір на бярозе знямеў.
Я па снезе сумую,
Сумую па снезе,
Па звычайнай, блакітнай і чыстай зіме.