Зіма
RSS FeedПрыйшла зіма халодная,
Нягодная зіма, —
Цярпі, зямелька родная,
Няма жыцця, няма.
Прыцьмілась сонца яснае,
Прыціх шум баравы;
На полі пустка страшная —
Ні збожжа, ні травы.
Снег белы мертва сцелецца
Пасцеляй грабавой,
Сапе, шуміць мяцеліца,
Мяце снег, як мятлой.
Мароз, як кат бязжаласны,
Ў лёд рэчкі акаваў,
Стральбой сваёй бязрадаснай
Па сценах біць пачаў.
Стральбой сваёй праклятаю
У лёт слабых птушак б'е,
Пры хаце і за хатаю
Спакою не дае.
Хаваюцца ў будоўліны
Жывёла і народ, —
У снег зямлі абноўленай
Не міл для іх паглёд.
Ваўкі па сцежках шляюцца
I ночкаю, і днём
I жудка разлягаюцца
Магільніцкім выццём.
О, гора падарожнаму
Іх стада напаткаць!
Не жыць неасцярожнаму,
Радні не аглядаць.
I вырвуць вочы ясныя,
I выхлебаюць кроў,
I пойдуць далей, страшныя,
Шукаць ахвяр ізноў.
Ой, жудасна-халодная
Ўзгулялася зіма,
Цярпі, зямелька родная,
Няма жыцця, няма.
Цярпі, старонка родная,
Мучэнне пі да дна, —
Міне зіма нягодная
I ўскрэсне зноў вясна!
Ільга сьпяваць на матыў
Ільга сьпяваць на матыў «Елачкі» :-)