Ган-но!

RSS Feed
Сярэдняя: 3.9 (8 галасоў)

Ган-но! —
Блукае няўцешнае рэха.
— Ган-но! —
Гукаюць, шукаюць вятры.
Снегам занесены сонныя стрэхі,
Моракам скутыя дрэмлюць двары.

Снегам расстання халодным, зімовым
Шлях перамецены —
шлях да вясны.
Ганно, ты ж ведаеш тую замову,
Каб адышлі непрабудныя сны.

Ты іх пашлі на бягучыя воды,
Ты іх на лозы сухія пашлі.
Ранняй вясною ў барвах усходу
Зноўку пратрубяць Яго жураўлі.

...Зорка ўзыходзіць над сцюжай, над снегам.
Памяць жывою рабінай гарыць.
— Ган-но! —
Палескае коціцца рэха.
— Ган-но! —
Гукаюць над светам вятры.